КАМЕ́ННЫЯ КУРГАНЫ́,
пахавальныя збудаванні 1-га — пач. 2-га тыс., цалкам складзеныя з камянёў і зямлі. Пашыраны ў Верхнім і Сярэднім Панямонні, сярэднім цячэнні Зах. Буга. Маюць круглую форму, дыяметр 6—20 м, вышыню 0,5—0,8 м. Большасць даследчыкаў лічыць іх помнікамі заходнябалцкіх (яцвяжскіх) плямён. Пахавальны абрад трупапалажэнне і трупаспаленне. Пры раскопках знойдзены розныя побытавыя рэчы, зброя і ўпрыгожанні. У К.к. 11—13 ст. трапляюцца рэчы балцкіх і славянскіх тыпаў, што сведчыць пра славянізацыю балцкіх плямён.
т. 7, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)